Вынікі 2020 года

Шаноўныя сябры!
2020 год стаўся годам няпростым, падзеі ў Беларусі не пакінулі абыякавымі, бадай, нікога ў свеце, у тым ліку ў Швецыі. Вось ужо больш за 5 месяцаў Беларусь застаецца ў навіннай павестцы краіны. Разам з тым разгарнуўшаяся пандэмія змяніла нас назаўсёды. Усё гэта разам прымусіла нас як ніколі усвядоміць кволасць і ў той самы час вартасць кожнага чалавечага жыцця і важнасць стасункаў, даверу і павагі адно да аднаго.
…нас стала істотна болей: з 18 да 222 сяброў.
Суполка “Беларусы Швецыі” існуе больш за 10 год, але ніколі не была настолькі актуальная як у гэтым годзе. З сакавіка 2020 нас стала істотна болей: з 18 да 222 сяброў. І мы выраслі не толькі ўвышыню, але і ў шырыню: з’явіліся лакальныя ініцыятывы Захад – Гётэборг, Цэнтр – Карлстад, Поўнач – Умеа і Поўдзень – Мальмё. Шчыры дзякуй усім за давер, дзякуй тым, хто далучыўся і дапамагаў нам далучаць новых сяброў!
Нашым асноўным фокусам стала падтрымка зменаў у Беларусі
Падводзячы вынікі гэтага года, варта адзначыць, што наша асноўная дзейнасць – падтрымка беларускай культуры і мовы, культурніцкія і адукацыйная мерапрыемствы і імпрэзы, адышлі на другі план (але не зніклі зусім!). Нашым асноўным фокусам стала падтрымка зменаў у Беларусі:
- Мы правялі Экзітпол на прэзідэнцкіх выбарах (што, мы верым, не дало скрасці галасы тых, каму далі прагаласаваць)
- Мы каардынуемся з іншымі дыяспарамі, стварылі Народную амбасаду Беларусі ў Швецыі, якая займаецца многімі важнымі ініцыятывамі – па эканамічным ціску, Астравецкай АЭС і г.д.
- Цягам 4 месяцаў актывісты штодня выходзілі на вуліцы Стакгольма з акцыямі і маршамі, вулічная актыўнасць не спыняецца, а таксама праходзіць і ў іншых гарадах Швецыі.
- Мы вядзем дыялог з мясцовымі палітыкамі – МЗС і партыямі – і дыпламатамі
- Мы расказваем пра падзеі ў Беларусі ў шведскіх СМІ і падтрымліваем шведскіх журналістаў сваёй экспертызай
- Толькі за апошнія месяцы мы правялі сустрэчы з Алесем Беляцкім, Святланай Ціханоўскай, Вольгай Кавальковай, Андрэем Курэйчыкам
Чаго мы чакаем ад 2021?
Па-першае, мы хочам каб суполка давала нам усім магчымасць трымацца разам у гэты няпросты перыяд: сустракацца, абмяркоўваць, перажываць гора і святкаваць перамогі. Беларусы Швецыі гэта мы!
Па-другое, мы хочам, каб суполка працягвала быць цэнтрам уплыву ў шведскім грамадстве па важных для беларусаў і Беларусі пытаннях.
Стварэнне дыяспары – як і грамадзянскай супольнасці – справа непростая, і не ўсё адтрымоўваецца адразу. Але давайце рабіць гэта разам! Знаходзьце нас у сацсетках, пішыце нам калі вы маеце пытанні і прапановы на info@sverigesbelarusier.se
З Новым, 2021 Годам вас, шчасця і здароўя вам і вашым блізкім! І няхай ён стане годам волі!
Жыве Беларусь!
Рада БШ