Незвычайны літаратурны марафон у падтрымку перамен на Беларусі

19 снежня 2011 года споўнілася гадавіна паслявыбрачых рэпрэсіяў на Беларусі. Дзень, безумоўна гістарычны – упершыню ў небывалых маштабах беларусы на плошчы Незалежнасці паказалі Лукашэнку, што часы так званай маўчлівай беларускай “талерантнасці” і згоды скончыліся.

У Стакгольме ў гэты дзень мы сталі сведкамі незвычайнай акцыі. Па інціятыве вядучых грамадскіх дзячоў Швецыі тут, на центральнай плошчы Медборгаpплатцен, што на Сёдермальме, у паўдневай частцы шведскай сталіцы, на працягу 12 гадзін прайшла нон-стоп акцыя салідарнасці з нашымі суайчыннікамі, якія жадаюць пераменаў у нашай краіне. Тэксты беларускіх пісьменнікаў і паэтаў чыталі на беларускай, шведскай і ангельскай мовах вядомыя палітыкі, пісьменнікі і журналісты Швецыі.

Вельмі прыемна адзначыць, что сярод удзельнікаў былі і сябры беларускай суполкі “Sveriges Belarusier”.

Адкрыў чытанні старшыня шведскага ПЭН Ула Лашмо (Ola Larsmo). У спісе ўдзельнікаў – міністар культуры Швецыі Лена Адельсон Лільероц (Lena AdelsohnLiljeroth), выканаўчы сакратар сацыял-дэмакратычнай партыі, сябра парламэнта Швецыі Карын Йэмцін (Carin Jämtin). Прагучалі творы шэрага беларускіх аўтараў. Шведская пісьменніца Астрыд Тротцыг (Astrid Trotzig) чытала творы Валянціны Аксак, пісьменніца Марыя Мудыг (Maria Modig) творы Святланы Алексіевіч і Артура Клінава, Леннарт Нурдфош (Lennart Nordfors) – кавалак з апавядання Васіля Быкава “Афганец”, журналіст і арганізатар акцыі Марыя Сёдербэрг (Maria Söderberg) – вершы Алеся Разанава.

З сяброў беларускай суполкі Швецыі ў акцыі бралі ўдзел Юлія Лапіцкі, ДзмітрыПлакс, Лана Віллебранд, Юры Кажура і Андрэй Катлярчук. Падчас акцыі адбылася прэзентацыя новага зборніка сучаснай беларускай паэзіі і прозы на шведскай мове “Språket som svalan bor i dess hjärta” (Мова, як тая ластаўка, што жыве ў іх сэрцы) пад рэдакцыяй Марыі Сёдербэрг і Дзімтрыя Плакса.

Адначасова сябры суполкі пачалі кампанію па падпісанню навагодніх паштовак палітычным вязьням Беларусі.
Гэта быў сапраўды маштабны і вельмі незвычайны марафон. Ён паказаў, што ўвага шырокіх колаў шведскай грамадскасці да лёсу нашай краіны не толькі не памяньшаецца, але, насупраць, становіцца больш актыўнай і прымае новыя формы. Спецыяльны дзякуй за гэта Марыі Сёдербэрг, якая напрацягу 12 гадзін, нягледзячы на снег, дождж і халоднае надвор’е, была пастаянна з удзельнікамі акцыі.
Мы ўсе з Вамі, шаноўныя суайчыннікі, хто быў і працягвае выходзіць на плошчы і іншыя астраўкі незалежнасці нашай Беларусі… Мы з Вамі сэрцам і душой.

Акцыя па падпісанню паштовак працягваецца. Усe, хто жадае далучыцца да нас, звяртайцеся, калі ласка, да суполкі праз наш сайт.

Юрась Кажура, старшыня Рады суполкі,

Андрэй Катлярчук, сябра Рады.

RSS стужка каментароў да гэтага запісу. TrackBack URI

Leave a Reply