Артыкул-справаздача “Беларусаў Швецыі” з нагоды праектнага падарожжа “ForumSYD”

З 15 па 19 лістапада 2015 года адбылося праектнае падарожжа пад кіраўніцтвам арганізацыі “ForumSYD” з мэтай пашырэння практыкі і кантактаў сярод грамадскіх арганізацый краін Усходняга Партнёрства. У межах гэтага падарожжа прадстаўнікі некалькіх швецкіх арганізацый, у тым ліку і “Беларусаў Швецыі”, наведалі Кішынёў і Кіеў. Вось невялічкія замалёўкі пра кожную з краін.

Кішынёў, Малдова

Ужо ў перkk2шы дзень падарожжа апоўдні адбылася сустрэча прадстаўніка “Беларусаў Швецыі” з ажно пяццю беларусамі Малдовы. Напярэдадні вечарам і раніцай скантактаваліся з кіраўніцай “Беларускага Культурнага Руху Малдовы” Ганнай Мазур. Вельмі ўразіла, як за палову дня ў панядзелак сярод працоўнага тыдню ў яе атрымалася не толькі самой тэрмінова вылучыць вольны час, але і запрасіць на сустрэчу яшчэ чатырох сябраў дыяспары. Завіталі ў рэстарацыю традыцыйнай кухні Малдовы “La Plăcinte”, дзе сябры пачаставалі, не цяжка здагадацца, плачынтамі – пірагамі з бульбай і брынзай. Падчас нашай прыемнай, вясёлай і непрымушанай размовы, тым не менш, былі заўважаныя і падабенства, і адрозненні паміж суполкамі “Беларусаў Швецыі” і беларусаў Малдовы. Варта адзначыць, што сярод актыўных сяброў дыяспары ёсць тыя, хто прыехаў у Малдову 40 гадоў таму, напрыклад, рэдактар беларускамоўных перадач на “Тэлерадыё-Малдова” Генадзь Зеньковіч, і тыя, хто ў краіне зусім нядаўна. Як і ў Швецыі, большасць мерапрыемстваў арганізуецца на валанцёрскіх падставах у вольны час, галоўныя акцэнты – на мове, культурных падзеях і святкаванні традыцыйных беларускіх святаў. Таксама няма строгага абмежавання актыўнасці менавіта беларусамі, падзеі адчыненыя для ўсіх культур.

У той жа час, бkk1ачныя і адрозненні. Дыяспара Малдовы больш вялікая і разнастайная, у першую чаргу дзякуючы доўгаму супольнаму лёсу Беларусі і Малдовы ў складзе СССР, адсутнасці візаў паміж краінамі і рускай мове, якая з’яўляецца агульназразумелай для абедзвюх краін. Рэгулярна праводзяцца гурткі для дзяцей, не толькі па вывучэнні мовы, але і звычайныя творчыя, толькі з беларускай тэматыкай, напрыклад, маляванне арнаментаў, выраб упрыгожванняў для святкавання “Гукання вясны”. Вельмі адчулася, як розніца ў асабістых гісторыях большасці актыўных сяброў дыяспары адгукаецца на каштоўнасцях і падыходах да працы суполкі. Напрыклад, “Беларусы Швецыі” больш уважліва ставяцца да праваабарончых пытанняў, падтрымкі дэмакратычных каштоўнасцяў, аднаўлення цікаўнасці да гісторыі. Беларусы Малдовы падкрэсліваюць сваю апалітычнасць і ладзяць актыўнае супрацоўніцтва і з грамадскімі, і з дзяржаўнымі беларускімі ўстановамі.

Акрамя вышэйназванай, за два дні ў Малдове завіталі ў шмат іншых арганізацый, у тым ліку ў Інстытут па Правах Чалавека ў Малдове (IDOM), UNDP Moldova, філіялы швецкіх арганізацый Civil Rights Defenders і Individuell Människohjälp, Legal Resources Centre from Moldova (LRCM/CRJM) і East Europe Foundation. Супрацоўнікі і валанцёры IDOM, напрыклад, займаюцца прамоцыяй, падтрымкай і абаронай розных фундаментальных правоў чалавека, але факусуюцца ў першую чаргу на некалькіх больш вузкіх накірунках: правах людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІД; правах пацыентаў, у тым ліку з ментальнымі захворваннямі (у тым ліку абарона ў выпадках недобрасумленнай медыцынскай дапамогі); таксама правах людзей, якія знаходзяцца ў месцах часовага зняволення. Іншая арганізацыя, East Europe Foundation, з’яўляецца фондам, які перанакіроўвае грошы ад некалькіх буйных донараў (напрыклад SIDA і DANIDA) на больш дробныя праекты ў Малдове (50-100 праектаў рознай працягласці актыўныя на сённяшні дзень), якія датычацца адной з 7 актуальных праграм EEF: грамадзянскай актыўнасці, сацыяльнага прадпрымальніцтва, развіцця медыяў, лакальнага развіцця, моладзевых банкаў ці ўразлівых груп (дзяцей, ахвяр хатняга гвалту, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і г.д). Кульмінацыяй візіту ў Малдову стаў удзел швецкай дэлегацыі ў Каардынацыйнай сустрэчы грамадскай супольнасці, арганізаванай пасольствам Швецыі ў Малдове. Акрамя нас, у сустрэчы прынялі ўдзел больш за 20 арганізацый Скандынавіі, Заходняй Еўропы і Малдовы, а прадстаўніца Еўракамісіі прэзентавала праграму “EU Roadmap for Engagement with Civil Society.”

Кіеў, Украіна

У Кіеў прыkk3ляцелі раніцай 18га, і ўжо праз некалькі гадзін завіталі ў дзве невялічкія, але вельмі актыўныя ўкраінскія НДА, Convictus і Studena, якія працуюць з пытаннямі гвалту на падставе гендэрнай дыскрымінацыі. Для Studena, напрыклад, адным з галоўных накірункаў дзейнасці з’яўляецца абарона правоў жанчын у арміі, а Convictus працуе з людзьмі, залучанымі ў сэкс-бізнэсе: як з работнікамі (жанчынамі, мужчынамі і трансгендарамі), так і з кліентамі. Вялікая ўвага надаецца пытанням прафілактыкі ВІЧ, рэінтэграцыі ў грамадства пасля турмы ці ўдзелу ў баявых дзеяннях. Асобным праектам для Convictus стаіць праца з трансгендарамі (не толькі тымі, хто неяк датычыцца сэкс-бізнэсу, а наогул), якія ва Ўкраіне адчуваюць зараз вялікую адасобленасць ад астатняй ЛГБ-супольнасці. Для трансгендараў (якіх зараз сярод кліентаў Convictus налічваецца каля 140) разам з кіеўскай грамадскай арганізацый трансгендараў “HPLGBT” арганізуюцца трэнінгі на тэму ўпэўненасці, самавыяўлення і аховы здароўя. Большасць праграм Convictus ажыццяўляецца ў Кіеве, але арганізацыя дапамагае сваім партнёрам па ўсёй Украіне экспертнымі ці трэнінгавымі матэрыяламі.

Што датычыцца сустрэч з беларускімі арганізацыямі ў Кіеве, то тут іх адбылося можна сказаць ажно тры. Першую зладзілі ўвечары 18га з украінцам – заснавальнікам і лідарам гуртку беларускай мовы. Гурток наведваюць галоўным чынам украінцы, якія цікавяцца мовай і культурай суседняй краіны, але апошнім часам далучылася і некалькі беларусаў.  Мовы падобныя, таму гурток ладзіцца ў фармаце размоўнай кавярні і звычайна праходзіць акурат у кавярні. Акрамя звычайных сустрэч, “БілРозмовКлуб” (“БелРазмоўКлуб”) прымае ўдзел у Днях беларускай літаратуры ва Ўкраіне і іншых мерапрыемствах, а таксама арганізуе свае. Напрыклад, 26 лістапада, з нагоды Дня Народзінаў Уладзіміра Караткевіча адбудуцца традыцыйныя чытанні яго творчасці каля помніка ў Кіеве, дзе, дарэчы, таксама знаходзіцца універсітэт, у якім Караткевіч пачаў пісаць на беларускай мове.

З 19 па 21 лістапада ў Кіеве праходзіў штогадовы Форум грамадзянскай супольнасці краін (а чаму краін тады з маленькай?:)) Усходняга Партнёрства, на які завіталі і лідары грамадскіх арганізацый з Беларусі. З імі давялося сустрэцца апоўдні 19га лістапада. Першая частка сустрэчы мела галоўным чынам характар абмену кантактамі, а сярод удзельнікаў былі такія волаты грамадскага сектару Беларусі, як Святлана Каралёва (Старшыня Каардынацыйнага камітэта Форуму, ранейшая генеральная сакратарка Нацыянальнага савета дэмакратычных моладзевых арганізацый і ініцыятываў Беларусі “РАДА”), вядомая праваабаронца Алена Танкачова, Ігар Рынкевіч, Улад Вялічка і іншыя. Другая частка сустрэчы адбылася ўжо з моладзевымі актывістамі, дзе мы не толькі абмяняліся кантактамі, але адразу абмеркавалі магчымыя тэматыкі для супрацоўніцтва, і правялі нешта накшталт дробнага брэйншторму наконт пэўных праектаў, якія “Беларусы Швецыі” могуць зладзіць разам з моладзевымі НДА з Беларусі.

Традыцыйна ўжо, завяршыўся дзень сустрэчай у пасольстве Швецыі ва Ўкраіне, а таксама цудоўнай вячэрай у рэстаране ўкраінскай кухні “Опанас”. Двое з удзельнікаў падарожжа засталіся ў Кіеве 20 і 21 лістапада, каб прыняць удзел у Форуме, а тры, у тым ліку і прадстаўніца “Беларусаў Швецыі”, раніцай 20 лістапада вярнуліся ў Стакгольм.

Коратка пра астатнія швецкія арганізацыі, якія прынялі ўдзел у падарожжы

ForumSYD

http://www.forumsyd.org/

ForumSYD – гэта незалежная пазапалітычная парасонкавая арганізацыя, якая з’яўляецца найвялікшай платформай грамадзянскай супольнасці Швецыі і ажыццяўляе дапамогу ў развіцці ў кантэксце правоў чалавека. У склад ForumSYD уваходзіць прыблізна 160 арганізацый у Швецыі, але працуе арганізацыя па ўсім свеце, у тым ліку мае беларускі філіял, які знаходзіцца ў Вільні.  У гэтым праекце “ForumSYD” выступіла ў якасці арганізатара і фасілітатара падарожжа, а супрацоўнікі таксама ўзялі ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасці, які праходзіў у Кіеве з 19 па 21 лістапада.

FN-förbundet (UN-association Sweden)

http://www.fn.se/

FN-förbundet працуе пад брэндам United Nations і ў якасці асноўных напрамкаў сваёй дзейнасці ставіць менавіта прамоцыю каштоўнасцяў ААН, адпаведных ведаў і практык. Але ў той жа час яна не з’яўляеца філіялам ААН і не атрымлівае ад іх фінансавай падтрымкі. Дзейнасць ажыццяўляецца праз шэраг доўга- і кораткатэрміновых праектаў, якія падаюцца ў розныя фонды. У арганізацыі на дадзены момант некалькі тысяч сяброў, каля 100 лакальных аддзяленняў па ўсёй Швецыі і каля 30 школ. Галоўнай мэтай падарожжа супрацоўніца FN-förbundet ставіла ўсталяванне кантактаў з іншымі арганізацыямі пад брэндам UN, якія працуюць у Малдове і Украіне, пошук менавіта незалежных UN-ассацыяцый ці арганізацый, якім было б цікава на сваёй базе такія асацыяцыі стварыць.

Män för jämställdhet (Men for Gender Equality)

http://www.mfj.se/

Гэтая арганізацыя спрабуе падняць пытанні гендарнай роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі з новага пункту гледжання. Звычайна ў фемінісцкіх арганіз
ацыях, ці ў цэнтрах дапамогі ахвярам хатняга гвалту, ці ў іншых арганізацыях, якія займаюцца правамі жанчын і мужчын, уся праца накіравана на жанчыну – то бок ахвяру, у той жа час як мужчыны, якія ў большасці выпадкаў з’яўляюцца выканаўцамі агрэсіі, застаюцца без увагі і працягваюць жыць са сваім і стэрэатыпамі ў галаве, і са сваімі невыказанымі праблемамі. Арганізацыя “Men for Gender Equality” накіроўвае вектар сваёй дзейнасці менавіта на мужчын, праводзіць для іх трэнінгі, ладзіць тэлефон і чат даверу, а таксама іншыя праекты. Сярод супрацоўнікаў НДА прыблізна роўная колькасць мужчын і жанчын, ўжо некалькі год вядуцца сумесныя праекты ў Расіі і Беларусі. У межах падарожжа супрацоўніца “Men for Gender Equality” ставіць сваёй мэтай прааналізаваць, як грамадскія арганізацыі Малдовы і Украіны працуюць з пытаннямі гендарнай роўнасці, а таксама ўсталяваць кантакты для новых праектаў.

PRO Sverige

http://pro.se/

Гэтая недзяржаўная арганізацыя, якая аб’ядноўвае пенсіянераў Швецыі, з’яўляецца філіялам міжнароднага аб’яднання PRO Global. У Швецыі на сённяшні дзень прыблізна 400.000 чалавек з’яўляюцца сябрамі НДА, якія дапамагаюць аднаму ці некалькім дробным яе філіялам. Галоўныя мэты PRO Sverige – павышэнне актыўнасці пенсіянераў у Швецыі. Робіцца гэта праз шматлікія культурныя, спартыўныя і адукацыйныя мерапрыемствы, гурткі, сумесныя падарожжы. Усе гэтыя праекты збіраюць штогод прыблізна 1,4 мільёны ўдзельнікаў толькі ў Швецыі. У падарожжы прадстаўнік PRO Sverige таксама шукаў новыя кантакты і перспектывы супрацоўніцтва з арганізацыямі краін Усходняга Партнёрства.

Ірына Азаранка

RSS för kommentarer till det här inlägget. TrackBack URI

Leave a Reply