Нам нiколi не будзе ўсё роўна, як далёка б мы адзін ад аднаго нi былі
У пятніцу 26 чэрвеня згуртаванне беларускай дыяспары ў Швецыі зладзіла пікет салідарнасці з Беларуссю. Удзельнікі і ўдзельніцы акцыі выказалі сваё абурэнне шматлікімі парушэннямі свабоды волевыяўлення ў краіне, заклікалі да вызвалення зняволеных і правядзення свабоднай і сумленнай выбарчай кампаніі.
У 11 гадзін каля амбасады Рэспублікі Беларусь у Стакгольме сабралося 50 чалавек. (У межах дазволенай шведскім урадам колькасці удзельнікаў масавых мерапрыемстваў і сходаў ва ўмовах сусветнай пандэміі). Частка жадаючых прыняць удзел назіралі за акцыяй збоку. Некаторыя з іх прыехалі з іншых гарадоў, нягледзячы на экстрэмальную спёку (тэмпература паветра ў сталіце Швецыі каля 30℃). Людзі трымалі плакаты з лозунгамі кшталту “Выбары – гэта калі ёсць выбар”, “Стоп рэпрэсіі”, “Мы 97%”.

Старшыня рады Беларусаў Швецыі Леся Руднік звярнулася да ўдзельнікаў і ўдзельніц пікету:
“Сёння мы стаім каля амбасады Беларусі каб падтрымаць беларусаў, якія кожны дзень змагаюцца за свабоду і справядлівасць. Магчыма, жывучы ў свабоднай дэмакратычнай краіне, мы з вамі не думаем пра радзіму так часта. Але сёння той самы час, калі нават будучы ў Стакгольме кожны з нас думае і перажывае за нашу краіну.”
Леся Руднік

“Для мяне вельмi важна разам з iншымi беларусамi прыйсцi да беларускага пасольства i паказаць сваё стаўленне да сітуацыі ў Беларусi, бо тое, што адбываецца зараз, датычыцца ўсiх нас, у тым лiку тых, хто не цiкавiцца палiтыкай. Нам нiколi не будзе ўсё роўна, у якой бы краiне мы не знаходзiлicя i як далёка адзін ад аднаго мы б нi былі. Я ганаруся беларусамі!”
– кажа ўдзельніца пікету Дар’я.

“Я ўдзельнічаю ў гэтай акцыі таму што мне неабыякавы лёс маёй краіны”,
– кажа ўдзельнік пікету Макс.

“Я хачу жыць як тут. Свабодна выказваць свае думкі, хадзіць па горадзе і не баяцца. Жыццё чалавеку дадзенае толькі адно, хочацца пражыць яго годна, спакойна працаваць і не думаць пра заўтрашні дзень”,
– дадае яшчэ адзін удзельнік акцыі.
Згуртаванне Беларусаў Швецыі выступае ў падтрымку свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, абарону права на свабоду слова і мірныя сходы і падтрымлівае права беларускіх грамадзянаў на вызначэнне свайго лёсу.
“Нашых суайчыннікаў і суайчынніц на радзіме наўпрост зараз арыштоўваюць, караюць вялікімі грашовымі штрафамі і пазбаўляюць волі за іх спробу адстойваць свае канстытуцыйныя правы.
Беларусы Швецыі
Мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых падчас выбарчай кампаніі і забеспячэння свабодных і справядлівых выбараў!”



If you have found a spelling error, please, notify us by selecting that text and pressing Ctrl+Enter.