Швэдзкі дэпутат: Санкцыі супраць Менску павінны быць больш жорсткія

Крыстыян Хольм, дэпутат швэдзкага парлямэнту ад Памяркоўнай кааліцыйнай партыі (найбуйнейшай партыі ў кіроўным “Альянсе за Швэцыю”), заявіў БелаПАН, што лічыць непрымальным прысуд Васілю Парфенкову, вынесены яму 17 лютага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня, – пазбаўленьне волі на чатыры гады ў калёніі строгага рэжыму.

“Безумоўна, Васіль асуджаны за сваю палітычную актыўнасьць. Такія парушэньні правоў чалавека і яго асноўных свабодаў непрымальныя. Швэцыя, ды і ўвесь дэмакратычны сьвет, павінны рэагаваць на гэта неадкладна, – сказаў Хольм.

“Я лічу, што, па-першае, павінен быць пашыраны сьпіс неўязных у Эўропу службоўцаў. Па-другое, павінны быць прынятыя і іншыя, больш жорсткія санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму – эканамічныя,” – дадаў швэдзкі дэпутат.

Радыё Свабода

Östgruppen бароніць “Вясну”

У сваім адкрытым лісьце да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppen выказвае пратэст у сувязі зь перасьледам беларускага праваабарончага цэнтру “Вясна” і яго старшыні Алеся Бяляцкага.

Напярэдадні Беляцкі быў запрошаны ў Генпракуратуру, дзе атрымаў папярэджаньне адносна “дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. У адпаведнасьці з папярэджаньнем Бяляцкаму можа пагражаць турэмнае зьняволеньне тэрмінам да двух гадоў.

Östgruppen называюць падобныя дзеяньні беларускіх уладаў палітычна матываванымі і не адпаведнымі ані Канстытуцыі Беларусі, ані тым міжнародным абавязаньням, якія дзяржава ўзяла на сябе ў галіне правоў чалавека.

Аўтары адкрытага ліста дадаюць, што Алесь Бяляцкі цягам многіх гадоў знаходзіцца ў авангардзе беларускага руху за правы чалавека. У 2006 годзе ён як праваабаронца атрымаў прэмію швэдзкага ўраду, таксама быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе Бяляцкі правёў незалежны маніторынг, у якім быў задакумэнтаваны шэраг махлярстваў на карысьць дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Östgruppen патрабуюць адмяніць папярэджаньне ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага, а таксама сам “рэпрэсіўны” артыкул 193.1, які забараняе дзейнасьць не зарэгістраваных Мін’юстам арганізацыяў і накіраваны на здушэньне грамадзянскай актыўнасьці ў Беларусі.

Радыё Свабода

Швэцыя змагаецца за спрашчэньне візавага рэжыму для беларусаў

“Мы спадзяемся, што правілы для ўезду звычайных беларусаў ва ўсе краіны ЭЗ усё ж будуць спрошчаныя”, – заявіў у размове са “Свабодай” кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла.

Ён падкрэсьліў, што аптымістам яго робіць сам ход кампаніі за бясплатныя візы для беларусаў. Кампанія была ініцыяваная прадстаўнікамі Östgruppen, а таксама іншымі праваабарончымі групамі з эўрапейскай кааліцыі Coalition for Europe Undivided by Visa Barriers неўзабаве пасьля сьнежаньскіх падзеяў у Беларусі.

Паводле Марціна Углы, напісаць адкрыты ліст ва ўрады эўрапейскіх краінаў і ў Брусэль праваабаронцаў падштурхнулі падзеі пасьля выбараў прэзыдэнта Беларусі, а таксама тое, што паміж рознымі краінамі ЭЗ існаваў шэраг неадпаведнасьцяў у пытаньнях эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. Гэтыя неадпаведнасьці і былі галоўным недахопам Зьвязу, перакананы Угла.

У сваім пасланьні праваабаронцы падкрэсьлілі, што “правы чалавека не павінны быць прадметам кампрамісу”, што “далейшы дыялёг ЭЗ зь беларускім рэжымам павінен грунтавацца на выразных патрабаваньнях адносна павагі да дэмакратыі і правоў чалавека”.

Угла: “З аднаго боку, мы выступілі за візавыя санкцыі ў дачыненьні да кіраўніцтва краіны, а зь іншага боку — хочам спрасьціць візавыя працэдуры для звычайных беларусаў, пачаць з таго, каб зьменшыць кошты візаў, а потым перайсьці да таго, каб іх адмяніць, бо для звычайных людзей у Беларусі гэта цяпер вялікая праблема — трапіць у краіны ЭЗ. Мы хочам працягваць кампанію да таго часу, пакуль яна ня дасьць пэўнага выніку. Мы — аптымісты і лічым, што ёсьць шанец на пазытыўнае разьвіцьцё падзеяў”.

“Свабода”: “На чым грунтуецца ваш аптымізм?”

Угла: “Мы ўжо сталі сьведкамі таго, як асобныя краіны ЭЗ — Польшча, Эстонія, Нямеччына — прынялі рашэньні адносна бясплатных нацыянальных візаў. Гэта добры сыгнал і добры прыклад. Зразумела, шэнгенскія візы — гэта іншая рэч, больш працяглы працэс, які трэба штурхаць, каб ва ўсім ЭЗ пачалі штосьці рабіць у гэтым кірунку. Мы верым у зрухі, бо на ўзроўні кіраўніцтва ЭЗ ужо шмат сказана пра тое, каб спрасьціць гэтую магчымасьць. У Брусэлі кажуць, што ёсьць магчымасьць ажыцьцявіць гэта на практыцы”.

Радыё Свабода