Заява суполкі з нагоды департацыі Вольгі Класкоўскай

Суполка беларусаў Швецыі з вялікім жалем успрыняла рашэнне Міграцыйных уладаў Швецыі аб дэпартацыі беларускай грамадзянкі Вольгі Класкоўскай.

Вольга з’яўляецца сяброўкай суполкі напрацягу некалькіх гадоў, і напрацягу гэтага часу мы былі сведкамі яе цяжкага лёсу, выкліканага пераважна палітычнымі прычынамі, звязанымі з яе асабістай барацьбой з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі на Беларусі, а таксама падтрымкай барацьбы свайго брата палітычнагя вязня рэжыму Аляксандра Класкоўскага.

Вольга стварыла сям’ю і нарадзіла сына ў Швецыі ў надзеі атрымаць больш стабільнае і вартае чалавека жыццё. Зараз дэпартацыя разлучае яе з сям’ёй і фактычна пакідае ей адзіную магчымасць вярнуцца ў Беларусь, дзе пры цяперашніх палітычных умовах як у Вольгі, гэтак і ў яе дачкі няма чалавечай будучыні і чалавечага шчасця.

Швецыя напрацягу доўгага часу з’яўляецца прыкладам падтрымкі простых беларускіх грамадзян, якія сталі ахвярамі рэжыму Лукашэнкі. Прымаючы гэта да ўвагі, а таксама ўлічваючы вельмі складаны асабісты лёс Вольгі Класкоўскай, суполка беларусаў Швецыі заклікае Міграцыйныя ўлады Швецыі прыпыніць дэпартацыю Вольгі Класкоўскай і разгледзець яе справу з улікам верагоднай пагрозы для яе жыцця ў выпадку яе вяртання ў Беларусь.

Беларускія каляды. 12 студзеня, 2013

Калі Вы раптам 12 студзеня ўжо надыйшоўшага 2013 года апынуліся ў Грондалі, у Вас быў шанс пабачыць сапраўднага Каляднага Дзеда Мароза, запаліць беларускую ялінку і атрымаць падарункі! Чацверты года запар мы сабраліся разам суполкай, каб адзначыць Беларускія Каляды.
Галоўнымі ўдзельнікамі, канешне, былі нашы самыя маленькія беларусы. Разам мы паклікалі Дзеда Мароза, які запаліў святочную ялінку. Далей нашых маленькіх сяброў чакалі конкурсы, за якія Дзядуля шчыра дарыў цукеркі і іншыя чароўныя рэчы з свайго даволі вялікага меху.
Хутка да конкурсаў далучыліся і дарослыя. Было вясёла! Але сапраўды бліскучыя і шчаслівыя вочкі нашых дзетак немагчыма забыць…
Цудоўна, што мы мелі магчымасць сказаць добрыя пажаднні адзін аднаму. Яны патрэбныя нам усім, і вельмі хочацца верыць, што яны здзейсняцца.
Быў час і на нашу традыцыйную інтэлектуальную віктарыну, якую ладзіў Андрэй Катлярчук. Высветлілася, у прыватнасці, што далека не ўсе добра ведаюць нашых спарстменак і сучасны беларускі гімн. З сямі пытанняў віктарыны каманда-пераможца адказала толькі на пяць. Так што ёсць над чым працаваць напрацягу года!
Дзякуй усім за смачную ежу і добры настрой! Шчыра жадаю добрага на падзеі і пазітыўныя ўраджанні Новага года! Няхай простае шчасце і здароўе не кідае вас і нашых родных землякоў на Беларусі. Жыве Беларусь і наша беларуская суполка ў Швецыі!
Юрась Кажура

Фота са святкавання тут