
Мастак Алесь Пушкін падчас маршу ў Менску
У Швэцыі выстава пра мастака Алеся Пушкіна, які стаў ахвярай міліцэйскага гвалту
З ініцыятывы швэдзкага культурніцкага цэнтру HJÄRNE 4 верасьня ў Гэльсынгборгу адчыняецца выстава «Беларусь сёньня», прысьвечаная мастаку Алесю Пушкіну.
«Мы ў максымальна кароткія тэрміны сабралі актуальную выставу, якая пазнаёміць швэдаў з выдатным беларускім мастаком Алесем Пушкіным. Ён адзін з прадстаўнікоў сучаснай культуры, якія цяпер актыўна ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сам Алесь ужо быў арыштаваны, зьбіты і зьмешчаны ў ізалятар», — адзначыў куратар праекту Мартын Скіблі.
У анатацыі да выставы гаворыцца, што Алесь Пушкін лічыцца адным з самых уплывовых мастакоў Беларусі. Яго дзеяньні і карціны параўнальныя зь «цьвіком у труну рэжыму Лукашэнкі». Творцу неаднаразова кідалі ў турму і білі за яго мастацтва.
«Не заўсёды ёсьць патрэба аддзяляць мастацтва ад жыцьця, калі гаворка пра Алеся Пушкіна, — працягвае Марцін Шыблі. — У свае працы ён дасьціпна ўплятае палітыку, гісторыю, рэлігію. Мастак спрабуе аднавіць беларускую культуру і гісторыю, але такую, якая кардынальна адрозьніваецца ад павярхоўнага „зялёна-чырвонага нацыяналізму“ Лукашэнкі, заснаванага на настальгіі па часах савецкай рэспублікі. Як і бальшыня пратэстоўцаў, Пушкін выкарыстоўвае бел-чырвона-белы сьцяг, каб сымбалізаваць незалежную Беларусь. Эстэтыка супраціву».
Паводле арганізатараў, выстава складаецца з дакумэнтальнай хронікі шматлікіх аўтарскіх пэрформансаў і акцый Алеся Пушкіна. Таксама будзе прэзэнтаваная фотасэрыі з жыцьця сям’і мастака ў родным мястэчку Бобр, зробленых фатографам Янакам Коўзелем. Яшчэ два фатографы, чые працы прадстаўленыя на выставе, захацелі застацца ананімнымі, каб пазьбегнуць магчымых рэпрэсій на радзіме.
чытаць далей на www.svaboda.org