Беларуская дыяспара ў Швецыі патрабуе ад шведскага МЗС перастаць называць іх суайчыннікаў “беларасійцамі” і зрабіць новую шведскую назву Беларусі адзінай.
15 кастрычніка згуртаванне беларускай дыяспары ў Швецыі “Sveriges Belarusier” зладзіла ў цэнтры Стакгольму пікет. На ім беларусы заклікалі новага міністра замежных справаў Анн Ліндэ (Ann Linde) канчаткова скасаваць з афіцыйнага ўжытку назву Беларусі “Vitryssland”. Удзельнікі трымалі плакаты са слоганамі кшталту “Мы – не белыя расейцы”, “Ты – не белафін, я – не беларасеец”, “Гэта не мы прысвоілі (Бела)Крым” і “Гэта не мы абралі (Бела)Пуціна”. Адзін з удзельнікаў быў апрануты ў белага мядзьведзя з шыльдай “Белы расейскі (не беларасейскі) мядзьведзь” і абураўся тым, што яго блытаюць з беларусамі.